БІФУРКА́ЦЫЯ РЭК

(ад лац. bifurcus раздвоены),

раздзяленне рэчышча і даліны на 2 самастойныя ракі, якія ўпадаюць у розныя басейны. Найчасцей узнікае ад размыву паверхневымі водамі плоскіх водападзелаў. Найб. вядома ў сістэме р. Арынока (Паўд. Амерыка). На Беларусі існуе біфуркацыя рэк бас. Нёмана — праз р. Выня сцёк ажыццяўляецца ў р. Цапра бас. Прыпяці, а таксама з Пцічы па пратоках вада паступае ў рэкі Цітаўка і Талька бас. Свіслачы. Назіраецца сезонная біфуркацыя рэк, калі пераліў вады з аднаго басейна ў другі адбываецца ў час паводкі або разводдзя.

т. 3, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)